УСЕАГУ́ЛЬНАЯ ДЭКЛАРА́ЦЫЯ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА,
міжнародны акт па правах чалавека універсальнага характару. Прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 10.12.1948. Складаецца з прэамбулы і 30 артыкулаў, у якіх упершыню ў гісторыі чалавецтва і міжнар. адносін абвешчана кола асн. грамадзянскіх, паліт., сац.-эканам. і культ. правоў і свабод чалавека.
Сярод асабістых, элементарных грамадзянскіх правоў абвешчана права на жыццё, свабоду і асабістую недатыкальнасць. Азначана, што ніхто не павінен утрымлівацца ў рабстве, заняволеным становішчы, падвяргацца катаванням, адвольнаму арышту, затрыманню або выгнанню. Кожны чалавек мае права на недатыкальнасць асабістага і сямейнага жыцця, жылля, тайну перапіскі, на абарону годнасці і рэпутацыі, права на абарону непрадузятым судом (арт. 3—11). Шырока прадстаўлены паліт. правы: свабода перакананняў, сумлення, мірных сходаў і асацыяцый, на кіраванне сваёй краінай, выбарчыя правы, свабода перамяшчэння, права прытулку, грамадзянства, валодання маёмасцю, права ўступаць у шлюб і засноўваць сям’ю без абмежаванняў (арт. 12—21). Па прапанове СССР у дэкларацыю ўключаны правы: на працу, на справядлівае і задавальняючае ўзнагароджанне, роўную аплату за роўную працу, на стварэнне прафсаюзаў (арт. 23), на адпачынак, на сац. забеспячэнне і асобую ахову мацярынства і дзяцінства (арт. 24 і 25), на адукацыю і ўдзел у культ. жыцці (арт. 26, 27).
На аснове дэкларацыі прынята каля 50 шматбаковых дагавораў па правах чалавека, у т. л. Міжнар. пакт аб грамадзянскіх і паліт. правах і Міжнар. пакт аб эканам., сац. і культ. правах, ухваленых Ген. Асамблеяй ААН 16.12.1966 (гл. Пакты аб правах чалавека). Дэкларацыя не з’яўляецца міжнар. дагаворам, аднак шырокае распаўсюджанне атрымала думка, што яна набыла абавязковую сілу. Палажэнні дэкларацыі знайшлі адбітак у канстытуцыях многіх краін свету, у т. л. ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Ю.Я.Савельеў.
т. 16, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)